Масонскія ложы – папярэдніцы  іншых грамадскіх аб'яднанняў Новага і Найноўшага часу

Масонскія ложы – папярэдніцы  іншых грамадскіх аб'яднанняў Новага і Найноўшага часу

Гэты артыкул з нязначнымі змяненнямі таксама надрукаваны ў зборніку «Предпринимательство в Беларуси: Опыт становления и перспективы развития» (Мн.: БГПУ 2010, ч.1, с. 111-113)

 

Сярод гісторыкаў няма адной думкі наконт ролі масонаў (іх яшчэ называюць вольнымі мулярамі, братамі, дзецьмі ўдавы альбо франкмасонамі) у гісторыі Новага і Найноўшага часа. Адны лічаць, што масоны імкнуцца ўладарыць усім светам і што нават яны ўжо тайна кіруюць сусветным грамадствам (гэта думка у сучаснай расійскай гістарычнай навуцы адлюстравана кнігай Алега Платонава «Терновый венец России»). Шматлікія іншыя гісторыкі ігнаруюць ролю масонства ў гісторыі наогул. Трэціі вывучаюць масонскія ложа асобна, па-за развіццем гістарычных падзей. І самі масоны пішуць пра сябе ( філосаф-масон Фіхтэ распавядае пра сутнасць масонскай ідэалогіі ў кнізе «Философия масонства. Письма к Констану.» Некалькі гадоў таму у Вільні быў выдадзены зборнік “Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII - пачатак XX ст.”, у якім даследчыкі спрабавалі аб’ектыўна апісаць гісторыю масонства на Беларусі. Аднак не хапае даследванняў, якія б паказвалі вядомых гістарычных дзеячоў і як масонаў і як пісьменнікаў, бізнесменаў, палітыкаў і г.д.

Вядома, што масонскі рух – «рознакаляровы». Няма адзінай сістэмы абрадаў, рытуалаў і поглядаў. Аднак усе масоны аб’ядноўваюцца ў ложы (сходы) і маюць іерархічную структуру накшалт сярэдневечнага рамеснага цэху. Сімвалы і выявы, якімі масоны карысталіся на працягу стагоддзяў ў сваіх рытуалах, у апошні час атрымалі шырокае распаусюджанне ў паўсядзенным жыцці. (Напрыклад, шэраг такіх сімвалаў можна знайсці на доларавых банкнотах.) Асноўнай мэтай дзейнасці ўсіх масонскіх ложаў дэкларуецца авысакароджванне чалавецтва. Адны масоны імкнуцца дасягнуць гэту мэту праз самаадукацыю (гэта было асабліва папулярна ў эпоху Асветніцтва). Іншыя – праз містыцызм. Многія з вольных муляроў шукаюць сродкі авысакароджвання грамадства ў палітычнай дзейнасці.

Менавіта палітычная  дзейнасць многіх масонаў прывяла шэраг даследчыкаў гісторыі вольных муляроў да высновы аб іх небяспечнасці для грамадства і дзяржавы. Сапраўды многія рэвалюцыянеры былі масонамі. І Вялікая французкая рэвалюцыя фактычна пачалася з актыўнага аб'яднанага супрацдзеяння ўладзе. А цэнтрамі, якія аб'ядналі незадаволенных сталі спачатку не палітычныя партыі і клубы, а масонскія ложы. (Падобным чынам, многія аматарскія клубы ў розных краінах у розны час хутка становяцца палітычнымі цэнтрамі рэвалюцыйнага руху ў час крызісу даверу ўладзе)

Шматлікія сусветнавядомыя дзеячы навукі, мастацтва, літаратуры, бізнеса і палітыкі XVIII - XX ст. прайшлі праз удзел у масонстве. Сярод іх і тыя, хто пакінуў свой след у гісторыі Беларусі: А. Міцкевіч, Т. Зан і Б. Тарашкевіч. Гэты факт аправяграе міф, што масоны былі штосці накшалт тайнай дробнай секты. Але гэта і не доказ тэорыі, што масоны з’яўляюцца цэнтралізаванай мафіознай структурай, якая імкнецца падпарадкаваць сабе ўвесь свет. Справа ў тым, што масонства распаўсюджвалася па свету хаатычна, і сярод тых, хто далучаўся да ложаў не было адзінства. Пісьменнікі і філосафы Вальтэр і Русо былі ў сур’езнай палеміцы па шматлікім прынцыповым пытанням, але абодва былі масонамі, а масон Рабесп’ер адправіў на гіл’яціну масонаў Кандарсэ і Дантона ў гады Вялікай французкай рэвалюцыі. Многія з тых, хто рабіўся масонам, не адносіліся да дзейнасці сваіх ложаў сур’езна, а толькі карысталіся пратэкцыяй сваіх уплывовых ідэйных братоў каб зрабіць кар’еру ў навуцы, бізнесе ці палітыцы, бо сярод масонаў адной ложы дзейнічаў прынцып узаемнай дапамогі. [1, № 4, с.116] Прычым з-за гэтага некаторыя новаўтвораныя масонскія ложы былі прафесійна-арыентаванымі: ложамі адвакатаў, вучоных, прадпрымальнікаў і г.д.

Яшчэ адзін міф пра масонаў: ложы ніхто не пакідаў жывым. Вядомы грамадскі дзеяч Заходняй Беларусі ХХ ст. Б. Тарашкевіч у сваей аўтабіяграфіі, напісанай для НКУС СССР і надрукаванай у часопісе “Спадчына,” і у вышэйузгаданым зборніку узгадвае свой удзел у Віленскай масонскай ложы. Калі ен вырашыў пакінуць масонства, астатнія ўдзельнікі ложы выказалі яму падзяку за “адкрытую і праўдзівую пастаноўку пытання і з просьбай захаваць усе ў тайне” аб’явілі пра яго “ўсыпленне” г.знач. выключэнне з ложы. [1, №5, с.130] Калі б гэта нешта накшалт мафіезнай структуры, жывым б ен адтуль не вярнуўся. Тамсама Тарашкевіч узгадвае сваю размову з польскім грамадскім дзеячом Ваявудзкім, які казай яму: “Ведаю, што ты належышь да масонства… гэта драбяза, а я належу да нечага паважнейшага” [1, №4, с.116-117]

З гэтага можна зрабіць выснову: на працягу гісторыі масонскія ложы былі чымсці падобным на клубы па агульным інтарэсам. Масонства дапамагала рабіць кар'еру малавядомым людзям дзякуючы пратэкцыі больш уплывовых аднадумцаў. На падставе лож узнікалі палітычныя групоўкі, з якіх, у сваю чаргу – палітычныі партыі, таварыствы вучоных і літаратараў. Ложы вывелі ў свет многія імены, але мэта авысакароджвання чалавецтва не аб’яднала намаганні гэтых шматлікіх дзеячоў, бо ў кожнага з іх было свае разуменне сродкаў дасягнення гэтай мэты—ад суцельнага вынішчэння палітычных праціўнікаў да заняткаў самаадукацыяй і містыцызмам.

Літаратура

  1. А. Валаховіч, У. Міхнюк. Споведзь у надзеі застацца жывым (Аутабіяграфія Б. Тарашкевіча)//Спадчына №4, 1996, с.92-132 і №5, 1996, с.130-186 (таксама надрукавана ў зборніку “Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII – пачатак ХХ ст.” Вільня, Gudas, 2005, с.239-244)

 

Андрэй Берастоўскі

Май 2010 г.

Конструктор сайтов - uCoz