Выпадковыя ахвяры палітычных рэпрэсій на Беларусі

Y a de GULAG pour ceux qui parlent trop

Gerard Lenorman Chanson d'innocence

Тэма палітычных рэпрэсій у СССР шырока асветлена ў навукова-гістарычнай і гісторыка-публіцыстычнай літаратуры. Шмат увагі надаецца палітычнай барацьбе 1920-50-х гг. Аднак ня шмат гаворыцца пра рэпрэсіі супраць тых, хто не прытрымліваўся якіх-небудзь пэўных палітычных поглядаў і быў пакараны негледзячы на свой нейтральны стан.

На тэрыторыі Беларусі у гэтыя гады ішло супрацьстаянне наступных палітычных сіл: камуністы і некаторыя згодныя з імі левыя партыі, польскія нацыяналісты (спачатку ў якасці пэўных структур польскай дзяржавы, потым у складзе Арміі Крайовай, потым – у якасці нераззброіўшыхся фарміраванняў гэтай арміі), украінскія нацыяналісты (ваяры УПА – украінскай паўстанчай арміі) і, у пэуны час нямецкія нацысты. Як заўважыў аўстрыйскі пісьменнік Стэфан Цвейг у свім рамане “Марыя Сцюарт”, “крытэрыем у палітыцы служыць не права, а поспех”. Згодна з гэтым крытэрыем амаль кожная з вышэйазначаных плыняў знішчала ці адпраўляла ў канцлагеры як сваіх ворагаў так і зусім выпадковых асоб. Фактычна, арыштаваным і зняволеным у той час мог быць кожны, хто, як спяваў Жэрар Ленорман, “занадта шмат гаворыць” і неабавязкова супраць нейкай ідэі. У канцлагеры трапляла шмат людзей, адмовіўшыхся служыць у арміі па матывах палітычнага нейтралітэту ў сувязі з рэлігійнымі поглядамі. Арышту маглі падвяргацца і тыя, хто падтрымліваў такіх “нейтральных”. І гэта было ня толькі ў краінах-хаўрусніках Германіі, а і, безумоўна, ў СССР і нават у Велікабрытаніі. У 1930-я гг. у Бярозе-Картузскай у адным польскім канцлагеры адбывалі свой тэрмін разам украінскія нацыяналісты, камуністы, праваслаўныя святары, крымінальныя зняволеныя, а з 1939 г. і немцы, якіх туды пасадзілі, калі пачалася Другая сусветная вайна. Пасля вайны на тэрыторыі Беларусі ішло актыўнае ўзброеннае супрацьстаянне фарміраванняў УПА, партызанскіх атрадаў былой Арміі Крайовай і некаторых іншых груповак паміж сабой і з савецкімі войскамі. Так газета “Беларусь сегодня” (ад 11.11.2006. №213, с.14) прыводзіць архіўныя дадзеныя аб тым, што ваяры УПА толькі ў 1944-46 гг. ажжыццявілі 2384 дыверсіі і тэракта, пры якіх загінула 1012 чалавек. У савецкія часы нават быў знят фільм “Приступить к ликвидации”, у якім, ў некаторай ступені, адлюстраваны масштабы ўзброенай барацьбы таго перыяду. Падчас гэтых канфліктаў былі нават спалены некаторыя вескі на Беларусі і ва Украіне. У выніку савецкая ўлада разам з уладай Польшчы правялі масавае перасяленне украінцаў з Польшчы і палякаў з Украіны. Усяго перасялілі каля 800 000 палякаў і 500 000 украінцаў. Падчас гэтага перасялення пацярпелі шматлікія людзі, якія ніколі не падтрымлівалі ні украінскіх, ні польскіх нацыяналістаў. Можна ўявіць што адчувалі тыя мірныя сяляне ці гараджане, якія мусілі хутка збіраць рэчы і ехаць невядома куды толькі таму, што яны – украінцы ці палякі. Прычым некаторыя з простых жыхароў тых мясцін загінулі за адмову пайсці ва ўзброенныя атрады, а іншыя былі рэпрэсаваны савецкай уладай. У гэты ж час да Польшчы адыйшоў Беласток.

Аднак, у пасляваенныя гады шэраг іншых катэгорый насельніцтва, няўдзельнічаючага ў палітычнай барацьбе, быў высланы на спецпасяленні ў Сібір: заможныя сяляне, асобы, польскага паходжання (ня трэба блытаць з масавымі арыштамі былых польскіх вайскоўцаў, паліцэйскіх і асаднікаў у 1939 г.), і прадстаўнікі шэрагу рэлігійных меньшасцяў. У артыкуле А. Буткевіча “Хуторская неповторимость” (“Беларусь сегодня” за 16.01.2010. №7, с.25) узгадваецца, як з хутара Язавец ля Несвіжа вывезлі ў высылку некалькі незаможных сямей, бо не знайшлі кулакоў ці асаднікаў, а пэўны “план” арышту быў і арыштавалі каго давялося. Таксама загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 11 сакавіка 1952 г. была спланавана і потым праведзена ў Беларусі, Украіне, Малдове і Прыбалтыцы аперацыя “Поўнач”. Падчас гэтай аперацыі з тэрыторыі Беларусі ў Сібір дэпартавалі 394 Сведкаў Іеговы і членаў іх сямей, а таксама прадстаўнікоў іншых рэлігійных груп (“сапраўдна-праваслаўныя хрысціяне”, “інакеньц’еўцы”, “адвентысты-рэфармісты”). (гл. напрыклад Архіў Прэзідэнта РФ, Фонд 3, вопіс 58, дакум. 180, арк.52-53) І так здаралася, што амаль у аднолькавых умовах апынуліся і тыя, хто змагаўся супраць савецкай улады, так і тыя, хто жадаў заставацца палітычна нейтральнымі. Многія заставаліся ў высылцы і на працягу “хрушчоўскай адлігі”, а пасля вызвалення не маглі вярнуцца да дому, зрабіць кар'еру ў вытворчасці, навуцы ці мастацтве. А ў гэты ж час бывалі выпадкі, калі былыя ўдзельнікі ўзброенных антысавецкіх фарміраванняў, адбыўшы свой тэрмін пакарання, былі ў значнай ступені рэабілітаваны. Так былы камандзір УПА Васіль Кук працаваў пад надзорам КДБ у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Украінскай ССР. Гэта звязана з тым, што тыя, хто займаўся палітычнай барацьбой маглі дазволіць сабе перайсці на бок ворага каб выжыць і дасягнуць таго поспеху, аб якім пісаў Цвейг. Так шматлікія ваяры арміі Ўласава і іншых фарміраванняў, створаных у падтрымку гітлераўскай Германіі пасля пералому ў Вялікай Айчыннай вайне на карысць СССР, пераходзілі на бок Чырвонай арміі. Немагчыма судзіць матывы кожнага асобнага салдата, але наіўна лічыць, што ўсе яны шчыра падтрымлівалі савецкую ўладу. А Сведкі Іеговы, напрыклад, адмаўляліся падтрымліваць і камуністаў, і нацыстаў, і УПА, і польскія фарміраванні, бо не маглі паступіцца сваім рэлігійным сумленнем. І таму рэабілітацыі для іх у савецкім грамадстве не прадугледжвалася.

Гісторык мусіць быць праўдзівым. Гэта значыць асвятляць падзеі ўсебакова. Вядома, што канцлагеры існавалі і ў Польшчы, і ў ЗША (там утрымліваліся нямецкія, італьянскія і японскія эмігранты), і ў Велікабрытаніі. Сення беларускія гісторыкі ў асноўным пішуць пра генацыд гебраяў і цыган нацыстамі. На Захадзе выдадзены шэраг кніг, прысвечаных тым ахвярам палітычных рэпрэсій, якія ніколі ня ўдзельнічалі ў палітычнай барацьбе. (Напрыклад, нямецкая кніга мемуараў, перакладзеная на рускую мову “В схватке со львом. Воспоминания о детстве в нацистской Европе” Сымона Арнольд-Лібстэра). Есць падобныя работы ў расійскіх і украінскіх гісторыкаў. У Злучаных Штатах таксама здымалі фільм пра лес членаў японскіх сем’яў, якія былі раскіданы па розных канцлагерах ЗША і доўга не маглі знайсці адно аднаго пасля вайны. Але няшмат зроблена беларускімі гісторыкамі, каб асветліць лес сем’яў былых заможных сялян і прадстаўнікоў рэлігійных меньшасцяў, якія пацярпелі, як ад шматлікіх узброенных фарміраванняў, так і ад савецкай улады.

 

Андрэй Берастоўскі

студзень 2010 г.

Конструктор сайтов - uCoz